|
Ва Ўкраіне прайшоў другі
тур прэзыдэнцкіх выбараў. Цэнтравыбаркам Украіны заявіў, што Юлія
Цімашэнка ўжо ня зможа дагнаць свайго апанэнта. У заяве канстатуецца,
што пры наяўнасьці 1.58% яшчэ непадлічаных бюлетэняў, Януковіч захоўвае
лідэрства з адрывам у 2.79%.
Лідар партыі рэгіёнаў павіншаваў сваіх прыхільнікаў зь перамогай і
заклікаў Цімашэнку прызнаць сваю паразу. Яна, аднак, сказала, што будзе
чакаць канчатковых вынікаў.
Міжнародныя назіральнікі віталі
другі тур прэзыдэнцкіх выбараў на Ўкраіне, назваўшы яго празрыстым,
справядлівым і “ўражальнай праявай дэмакратыі”.
Назіральнікі ад АБСЭ заклікалі ўкраінскіх палітычных лідэраў
забясьпечыць па выніках галасаваньня "мірны і канструктыўны" працэс
перадачы ўлады. Адносна самога галасаваньня ў заяве адзначаецца, што
выбарчы працэс "збольшага адпавядаў крытэрам АБСЭ і абавязаньням, якія
Ўкраіна ўзяла на сябе ў рамках Рады Эўропы".
Пасьля падліку
больш чым 97% бюлетэняў дадзеныя Цэнтравыбаркаму сьведчаць, што лідэр
партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч захоўвае лідэрства, хаця і зь меншым
адрывам, чым гэта вынікала з дадзеных экзыт-полаў. Паводле апошніх
зьвестак за Януковіча прагаласавала 48.49%. За дзейнага прэм'ер міністра
краіны Юлію Цімашэнка - 45.92%. Яўка выбарнікаў склала 69%.
***
Старшыня
Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўладзімер Шапавал заявіў: «Я ўпэўнены, што
да 17 лютага, згодна з законам, ЦВК прыме тое рашэньне, якое яна абавязана
прыняць - абвясьціць вынікі выбараў. Будзе складзены пратакол і будуць
аб'яўленыя вынікі выбараў».
Па яго словах,
зараз ЦВК падлічвае вынікі галасаваньня. «Галоўнае - трэба дачакацца пратаколаў
з мокрай пячаткай, на аснове якіх мы і павінны прымаць адпаведнае рашэньне», -
сказаў старшыня ЦВК.
Паводле дадзеных
Цэнтрвыбаркама, апрацаваныя 95, 99 адсоткі электронных пратаколаў па Ўкраіне.
За Віктара Януковіча прагаласавалі 48,29 працэнтаў выбаршчыкаў, за Юлію
Цімашэнку - 46,10 працэнта.
Розьніца паміж
кандыдатамі складае каля 530 тысяч галасоў.
4,41 працэнтаў
выбаршчыкаў не падтрымалі ні аднаго кандыдата.
Намесьніца
кіраўніка Партыі рэгіёнаў Ганна Герман параіла апанэнтам адразу прызнаць
паразу і не правакаваць масавых забурэньняў. Тым часам у штабе Блёку Юліі
Цімашэнкі гавораць, што прызнаюць або не прызнаюць вынікаў адно тады, калі
штаб падсумуе ўсе парушэньні на выбарах і ацэніць іх уплыў на волевыяўленьне
ўкраінцаў.
На думку
назіральнікаў Камітэту выбарнікаў Украіны
і сеткі "Апора", фальсыфікацыі і агітацыя ў дзень галасаваньня паўплывалі на
вынік, аднак нязначна.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны,
на галасаваньне ў нядзелю прыйшлі звыш 69% выбарнікаў.
У сьпісы для
галасаваньня было ўнесена звыш 36,9 мільёна выбарнікаў. Для назіраньня за
выбарамі зарэгістравалі звыш 160 тысяч афіцыйных назіральнікаў ад кандыдатаў на
пасаду прэзыдэнта і больш як 3700 міжнародных назіральнікаў.
Міліцыя падчас
другога туру прэзыдэнцкіх выбараў працавала практычна ўсім асабовым складам, як
і падчас першага туру, калі правапарадак забясьпечвалі амаль 70 тысяч
супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Вонкавую ахову асноўных
адміністратыўных будынкаў у Кіеве забясьпечвалі паўтары тысячы супрацоўнікаў
МУС.
Згодна з
пастановаю ЦВК, канчатковы тэрмін абвяшчэньня вынікаў другога туру выбараў
прэзыдэнта Ўкраіны - 17 лютага.
У першым туры,
які адбыўся 17 студзеня, Віктар Януковіч набраў 35,32 працэнта галасоў, Юлія
Цімашэнка - 25,05 працэнта.
Цімашэнка ў
Днепрапятроўску прагаласавала за "новую Ўкраіну"
Дзейная
прэм'ер-міністар прагаласавала раніцаю на выбарчым участку ў Днепрапятроўску.
На выбары Цімашэнка прыйшла з сваёй сям'ёю - мужам Аляксандрам і дачкою
Яўгеніяй.
Пасьля
галасаваньня кандыдатка на пасаду прэзыдэнта падышла да журналістаў і, у
прыватнасьці, павіншавала народ Украіны зь сьвятам дэмакратыі.
"Я прагаласавала
за новую Ўкраіну" - цудоўную эўрапейскую краіну, людзі ў якой будуць жыць
шчасьліва. А я служыцьму Ўкраіне ўсёй душою, - сказала Цімашэнка.
Януковіч:
Украінскі народ зробіць крок да пераадоленьня крызісу
Галасуючы ў
Кіеве, кандыдат у прэзыдэнты, лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч заявіў пра
сваю ўпэўненасьць у тым, што ўкраінскі народ сваім сёньняшнім выбарам зробіць
першы крок да пераадоленьня крызісу.
"Я ўпэўнены, што
ўкраінскі народ зробіць добры выбар, прагаласуе за добрыя зьмены, стабільнасьць
і моцную Ўкраіну", - сказаў Януковіч.
Цігіпка:
Сумняюся, што той, хто прайграе, прызнае вынікі
Экс-кандыдат на
пасаду прэзыдэнта, лідэр партыі "Моцная Ўкраіна" Сяргій Цігіпка заявіў, што
сумняецца ў прызнаньні тым, хто прайграе на выбарах, вынікаў галасаваньня.
"Цяпер самае
галоўнае, каб усё прайшло ціха і спакойна, як у эўрапейскіх краінах: атрымалі
вынікі, павіншавалі адно аднаго і сказалі: "Давайце працаваць далей"... Але я
ня веру, што будзе так, таму што гэта ў эўрапейскіх краінах так. На жаль, мы
маем такія каманды, якія сёньня гатовыя пайсьці на што хаця, абы толькі быць
пры ўладзе", - сказаў Цігіпка, прагаласаваўшы на адным з участкаў у Кіеве.
Палітык дадаў,
што будзе разглядаць прапановы пераможца прэзыдэнцкіх выбараў - нават калі гэта
будзе кандыдат, за якога Цігіпка не галасаваў у другім туры. Пры гэтым лідэр
"Моцнай Украіны" адмовіўся паведаміць, за каго прагаласаваў сёньня.
За
Цігіпку ў першым туры выбараў прагаласавалі 13,05 працэнта выбарнікаў, ён заняў
трэцяе месца сярод 18 кандыдатаў.
|